ЧАСТО́ТНЫ СЛО́ЎНІК,
тып лінгвістычнага даведніка, у якім адлюстраваны лічбавыя паказчыкі выкарыстання моўных адзінак (афіксаў, словаформ, лексем, словазлучэнняў) у тэкставай выбарцы пэўнага аб’ёму. Да лічбавых паказчыкаў адносяць: частату ўжывальнасці пэўнай адзінкі; колькасць тэкстаў, у якіх выкарыстоўваецца пэўная моўная адзінка; частату ўжывальнасці мнагазначнай лексемы асобна для кожнага з яе значэнняў; частату выкарыстання слоў пэўнай часціны мовы; частату кожнай з першай тысячы самых ужывальных моўных адзінак і інш. Ч.с. выкарыстоўваюць пры вызначэнні лексічных мінімумаў і напісанні вучэбных дапаможнікаў па мовах, распрацоўцы кодаў для машыннага перакладу, устанаўленні крытэрыяў моўнай нормы, вырашэнні тэарэт. пытанняў фанетыкі, лексікалогіі, граматыкі, стылістыкі пэўнай мовы, іх генет. або тыпалагічнай блізкасці. Першы Ч.с. на Беларусі — спіс найбольш частых слоў, ужытых у артыкуле «Рэалісты» Дз.І.Пісарава, складзены М.Г.Булахавым (1969). Найб. поўны паводле аб’ёму рэестравага матэрыялу і велічыні абследаванай тэкставай выбаркі «Частотны слоўнік беларускай мовы» Н.С.Мажэйкі і А.Я.Супруна (вып. 1—5, 1976—92), кожны выпуск якога пабудаваны на матэрыяле маст. прозы, публіцыстыкі, вуснай нар. творчасці, паэзіі, гутарковай мовы. Зводны «Частотны слоўнік беларускай мовы» Мажэйкі (2003; 1801 тыс. словаўжыванняў) апрача матэрыялаў папярэдняга Ч.с. ўключае вынікі стат. аналізу дзелавых, навук., вучэбных і энцыклапедычных тэкстаў. Ч.с. ствараюць і на ЭВМ (падрыхтаваны «Частотны слоўнік словаформаў» П.Ф.Глебкі ў 2 т.). Да бел. Ч.с. у пэўнай ступені можна аднесці шэраг гіст. канкардансаў [поўны паказальнік слоў з ілюстрацыямі пэўнага літ. тэксту; напр., «Частотны слоўнік» (т. 10, 1992) у рукапісным «Канкардансе беларускай мовы XIX ст.» ў 11 т.] і слоўнікаў мовы пісьменнікаў, паколькі ў іх прадстаўлены і стат. параметры: «Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа» (1990), «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.Коласа» (1993), «Слоўнік мовы Янкі Купалы» ў 8 т. (т. 1—5, 1997—2003) і інш.
Літ.:
Алексеев П.М. Статистическая лексикография: (типология, составление и применение частотных словарей). Л., 1975.
В.К.Шчэрбін.
т. 17, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)